ЗЯМЛЯНКА. КУРНАЯ ХАТА.
Адзін з самых старажытных і распаўсюджаных відаў уцяплённага жылля нашых продкаў, вядомы з эпохі неаліту. На цяперашніх беларускіх землях археолагі вызначаюць часцей будаўніцтва паўзямлянак ( зямлянкі з бервяновым зрубам, невялікая частка якога ўзвышаецца над зямлёй). Людзі жылі ў іх ажно да позняга Сярэднявечча ( XIII-XIVст.).Тады на зямлі было знатна халадней, чым сёння, таму хата была абнесена з усіх бакоў мохам, каб захаваць цяпло. Дах усцілалі пяском з глінай, галлём і мохам. Сходы ў зямлянку адмыслова будаваліся з суглінку (шчыльнай глебы з глінай).
Чаму яшчэ зямлянку называлі “курная хата”? А таму, што печ складалі з камянёў і, каб абагрэць убогую хаціну, цяпельца раскладалі па ўсёй камянцы, падвешвалі на блясе да столі і такім чынам падтрымлівалі цяпло. Дым з печы ці ад смаляных лучын выходзіў праз “вяршок”-адмысловую адтуліну ўгары. Самі людзі, каб не нахапацца дыму, сядалі на падлогу (тады звычайна яна была глінянай). Аднак, у тых умовах, ад шматлікіх хваробаў, вошаў, прусакоў (тараканаў),людзей ратавалі “курныя хаты”: дым, такім чынам, з’яўляўся дэзінфекцыйным сродкам.
У зямлянцы знаходзіліся насцілы , якія выкарыстоўваліся для адпачынку і начлегу; паліцы, на якіх раскладалі гаспадарчыя прылады; быў склеп, у якім захоўвалася ежа: грыбы, ягады, арэхі, мёд, рыба.
Посуд пераважна рабілі з гліны.